[Verse 1] Падчысціла Ўзвіжанне ўсю зямлю шчыра, Ліст зводзе хмызняк заскаруслы... Злятаюцца буслы к адлёту у вырай, На сходку сыходзяцца буслы. [Verse 2] Дзе плотам граніцу адвёў сабе выган, За прасла пашчэпліваў прасла,— За выганам буслы рашаюць суд мігам, Пакуль дню лучына не згасла. [Verse 3] Хто Млечны Шлях ноччу дагледзіць не зблудзе, Хто мора адмерыць крыламі,— Той вылеціць толькі ў далёкія людзі, Той вылеціць ў вырай з бусламі. [Verse 4] Клякочуць, хлапочуць. І крыллі, і скабы Сусед аглядае суседа, Разводзяць і дзеляць, хто дужы, хто слабы, Хто болей, хто меней свет зведаў. [Verse 5] Зрабілі агледзіны, зрадзілі раду, К канцу прыбліжаецца сходка, Шнур зладзілі к выраю ў згодзе і складу, Сціхае гамонка-клякотка. [Verse 6] Ўжо мецяцца к лёту, ўжо хлопаюць крыллі... Бач, бусел адзін стаіць хмуры,— Яго аднаго усе неяк забылі, Адзін ён не змесціўся ў шнуры. [Verse 7] Стаіць і чакае сабе прыгавору,— Знаў — буслава сходка не смешкі... Ой, болей яму не пабачыці мора, Не бачыці выраю сцежкі! [Verse 8] Ізноў ўсклекаталі крылатыя сябры: — Ён слабы, не наскага міру! Хай гіне, хто слабы, згнілі ў каго жабры! Смерць буслу, няздатнаму ў вырай! [Verse 9] Смерць! смерць!.. Задымела пуховае пер’е, З-пад сэрца кроў хлынула стужкай... І, споўніўшы прыгавар, буслы ў бязмер’е, Ўзняліся за дружкаю дружка. [Verse 10] Шнур доўгі паплёўся пад небам вячыстым, Плыў з клекатам далей і далей, Аж згінуў з-пад вока у воблаках мглістых, Спавіўся ў туманныя хвалі. [Verse 11] А там, а за выганам сцелецца поле, На полі рассыпаны косці, Над косцямі вецер гуляе, скаголе, Груган залятае у госці. [Verse 12] А там, ля касцей залаціцца пярсцёнак, А надпіс чужой на ім мовай: «Як вернецца бусел з нязнаных старонак — Ка мне мілы вернецца ўзнова...»