
Мне мудрасці кніжнай не даў Бог пазнаці, Мой бацька не мог даць раскошаў такіх — Наўчыўся я слоў беларускіх ад маці І дум беларускіх без школы і кніг. Ад самай красы маіх дзён невясёлых Настаўнікам быў беларускі абшар; Усходы палеткаў і гоманы ў сёлах Навуку сваю мне прыносілі ў дар. Душу акрылялі прыгожасці свету, Па гонях пад небам лунала яна, Купалася ў сонцы вясёлкай распетай, Сама, як вясёлка, як казка-вясна. І п’яная чарамі, п’яная песняй, Як сон заварожаны райскіх мясцін, Шаптала мне дзівы цвітучых прадвесняў І песняй лілася з паходам часін. Бурлівая рэчка і млын гутарлівы Адмерным, раскоцістым плюскатам вод Складалі мне рытму мастацкія звівы, Парадквалі складаў раскоцісты ход. Цяністыя бітага шляху прысады І ў вырай лятучыя гусяў шнуры Гармонію ўводзілі ў песельным складу, Сачылі нязгоднай зваротак ігры. Зялёнае поле рунеючым збожжам, Цвітучая ў сонечны цвет сенажаць Мне песню квяцілі узорам прыгожым, Вучылі, як словы ў вянок завіваць. Ад шопату спелых пшанічных калоссяў, Ад шэлесту лісцяў узмежных ігруш Музычнае водгулле ў песню лілося, Злівалася з жальбамі скрыўджаных душ. Шум бору адвечнага казкавым сказам Нашэптываў смутную повесць жыцця І песню ў шум-гоман захопліваў разам, Заснуўшыя думы будзіў з небыцця. А сонца, скрозь сеючы іскры па свеце, Мне песню іскрыла нябесным святлом, А вецер, што ў полі рве дзёрны і сеці, Даў волю і крылле лунаці арлом. Каса, і сякера, і цэп малацьбітны Магутную волатаў сілу далі; Марозы і спекі далі гарт нязбытны — Мне песню, як звон, як пярун, адлілі. Так іншай не знаўшы навукі і школы, Ў пацёмках шукаў і знайшоў Божы дар; Цяпер маймі скарбамі — думы-саколы, Цяпер беларускай я песні ўладар. Цяпер маймі скарбамі — думы-саколы, Цяпер беларускай я песні ўладар. [Outro]

