Ляжаць твае гоні-загоны Стомільна на свеце на белым І жаляцца руняй зялёнай, І коласам жаляцца спелым. Лес-ноч гаманіста, шумліва З мінуўшчыны казкі складае І шле іх далёка па нівах, Плакуча, ад краю да краю... Так спіш, так жывеш мімаходам, Мой край, як сцяпная магіла, З сваім незавідным народам, З патухшай і славай, і сілай. Паводкаю коцяцца воды Руч’ёў паміж долаў і гораў, У хвалях пагодай-нягодай Купаючы нівы-разоры. Спавітыя плесняю вёскі Між пустак заселі бяссільна, Ўтуліўшыся ў цені бярозкі На вечным кургане бадыльным. Так спіш, так жывеш мімаходам, Мой край, як сцяпная магіла, З сваім незавідным народам, З патухшай і славай, і сілай. А люд?.. Ён сагнуўшыся ходзе Пад ношкай знямогі-пакуты І, роячы сны а свабодзе, З дня ў дзень сам сабе куе путы. Так спіш, так жывеш мімаходам, Мой край, як сцяпная магіла, З сваім незавідным народам, З патухшай і славай, і сілай. Так спіш, так жывеш мімаходам, Мой край, як сцяпная магіла, З сваім незавідным народам, З патухшай і славай, і сілай.


