
ЧАТЫРЫ КРОКІ ЎБОК Ступі чатыры крокі ўбок: Другія дзверы ды другі парог, І піў бы віскі я з ільдом У іншым бары за сталом, Але нячысцік выпаўз з-пад падлогі І пераблытаў мне дарогі. Да д’ябла гэткія жарты! Ягонай кары я не варты! Гленкерн сціскаю я ў руце, Нібы выяву ўбачыць у рацэ, Імкнуся разглядзець на шкле Я сілуэт на дзіўным тле. Налей атруты мне, бармэне! Хай будзе вечар недарэмным! Да д’ябла гэткія жарты! Ягонай кары я не варты! Чорт-канваір прывёў сюды, Дзе я хмялею нават ад вады. Рагоча чорт: «Яна адна!» Свой поўны келіх п’ю да дна. Але ў сюжэце таннай меладрамы Акцёр заўсёды будзе п’яны. Да д’ябла гэткія жарты! Ягонай кары я не варты! Дзяўчына — сон, дзяўчына — сок, Чатыры пальцы — вузкі паясок. Не чорт, я сам сабе ўладар, Хаця завабіў ён у бар, Дзе я няголены, зусім без грошай Сустрэўся з ёй — такой харошай. Дзяўчына — сон, дзяўчына — сок, Чатыры пальцы — вузкі паясок. А я няголены, зусім без грошай Сустрэўся з ёй — такой харошай.

