
Гэй ты, гэй, Беларусь, маладая старонка, Што гібела сталецці ў бяспуцці, ў пацёмках, Гэй, скажы, скуль цяперашня слава твая? Гэй ты, гэй, Беларусь маладая мая! Не з вясёласці яснай, не з ясных палацаў, А з канаючай крыўды ў пахіленай хатцы, Вызываная праўдай, таптанай, жывой, Я ўзышла, расцвіла непагаслай зарой. Дарма хэўры чужынцаў мяне застаўляюць Пакланяціся ім, прадаюць і купляюць І апекай сваёй зневажаюць мяне,— З сваім людам не дамся ў сваёй старане. Ні насмешак, ні постраху ворагаў сільных, Не пужаюся й песень панурых, магільных,— Свету цэламу лжывыя вочы пратру, Што ўладарка я тут, не ўмярла і не ўмру. Гартавана слязьмі і крывёю народа, Разаб’юцца цяпер аба мне ўсе нягоды, І дзе ўпадак быў мой, стане думна сын мой, Повен волі і славы нязломнай ступой. Я святла іскры ў думках бяздольных засею, Аднаўлю сэрцы іхныя гартам, надзеяй, Пакажу ім жыцця іх праўдзіву зару, Па развалінах нову ўсябытнасць ствару. І ад краю да краю ўсё далей і далей Моц мая разальецца нязможанай хваляй, Песняры аба мне будуць песні складаць, Народ будзе іх пець і мяне праслаўляць. Грамадзянская згода, супольнасць загосце, Аж усцешацца прадзедаў цені і косці, Слоў унука не зглушыць ніякі прымус, Што ён роднай зямлі верны сын, беларус. Гэй ты, гэй, Беларусь, маладая старонка! Уставай жа, ўставай з паніжэння, з пацёмкаў, Хай жа будзе нязможана ўлада твая! Гэй ты, гэй, Беларусь маладая мая!

