Song Cover Image

Мая хата з краю

Дзе звярнуся, сяк і так Баюць мне ў трывозе: Як мядзведзь ты спіш, бядак, У сваёй бярлозе. З гэткіх баек проста смех — Рукою махаю; Ці ж бы спаці было грэх?.. Мая хата з краю. Без яды адзін брат ссох, Другі чахне ў латах, Трэці з торбай на плячох Кляне так жа брата. Я смяюся з іх усіх, Рукою махаю; Вот сваяцтва — ану іх! Мая хата з краю. Родзе шнур, як там ні сей, Адны недахваткі; Кут нявучаных дзяцей, Хлеба ўжо астаткі. Думак вельмі не сушу, Рукою махаю; Вып’ю, рэдзькай закушу,— Мая хата з краю. Маю родну мову, край,— Кажуць мне так людзі,— Толькі выпрастайся, знай, А твой верх тут будзе! Праўда — штось як чужняком, Кожны мной піхае; Ці ж адным мной? Эй, Арцём, Твая хата з краю! І аб было меней магіл, А вяселляў болей, Кожны рвецца з усіх сіл К святлу, славе, долі... Лезьце, лезьце!.. я ж пры чом? Рукою махаю, Добра мне і пада дном! Мая хата з краю. Гэткім спосабам жыцця Век свой дажываю, Вось і песня мая ўся! Як і ўсё, ўміраю. На магілкі і крыжы Рукою махаю, Далі хату — знай ляжы! Але і тут з краю.