Не загаснуць зоркі ў небе, Покі неба будзе,— Не загіне край забраны, Покі будуць людзі. Ночка цёмная на свеце Вечна не начуе; Зерне, кінутае ў ніву, Ўсходзіць ды красуе. Наша зерне — нашы думкі — Не загінуць свету,— Бліснуць краскай непаблеклай Вечных агняцветаў. З добрых думак, што мы кінем На сваім дзірване, Будзе ўнукам нашым жніва — Доля, панаванне. Беларускаю рукою Светлай праўды сіла Славу лепшую напіша Бацькаўшчыне мілай. Зацвіце яна, як сонца Пасля непагоды, У роўнай волі, ў роўным стане Між усіх народаў. Не загіне край забраны, Покі жывы людзі,— Не загаснуць зоркі ў небе, Покі неба будзе!