Я кароль над каралямі, Пан я над панамі! Што мне значаць і цары ўсе,— Пасудзіце самі. Тругу-гугу! Тругу-гугу! Дзьму я ў рог вайсковы: Гэта знак даю падданым З трубы берастовай. Лясь-лясь! Лясь-лясь!—зброяй лясну Ўправа, ўлева громка: Гэта страшу я падданых Пугай доўгай, ёмкай. І сабраў сваіх падданых І павёў, павёў я Цераз горы, цераз долы, За гай, за дуброўе. Тругу-гугу! Тругу-гугу! Зноў трублю сярдзіта; Лясь-лясь! Лясь-лясь! — свішчу зброяй Грозна, санавіта. І усеўся я на троне — На карчы яловым, А падданыя падданяць,— Не буркнуць ні слова. Толькі — скуб-скуб! Скуб-скуб траўку Згодна ды пакорна, Ажно рэха ад скубання Коціцца прасторна. Толькі часам мм-у, мм-у! — Замычыць цялятка; Бэ-э, мэ-э! Бэ-э, мэ-э! — Забляе ягнятка. Рох-рох, цох-цох! Кві-кві, кві-кві! — Пісне парасятка, Ды гі-гі-гі? — адыржэцца Недзе жарабятка. А я важна, а я пышна Сяджу на пасадзе, На падданых пазіраю, Як дзе на парадзе. Сонца косы млоснай спекай Сцелюцца на полі, А ў дуброве штось шапоча Ліст з лістком паволі. Куку-куку! Куку-куку! — Кукуе зязюля; Піць-піць! Піць-піць! — каня кліча, Як бы после гуляў. Ву-ву! Ву-ву! — загудзеў жук Каля вуха смела; Ззынь-ззынь! Ззынь-ззынь! — з мёдам з кветкі Пчолка зазвінела. Сэрца мне затрапятала. І я без прынукі — Шась трубу сваю на плечы Ды жалейку ў рукі! Туль-туль-лілі! Туль-туль-лілі! — Граю, не зважаю; Туля-ляля! Туля-ляля! — Птушкам падцінаю. Гуля-ляля! Не кароль жа Я над каралямі? — Я, мой статак, сонца, поле?.. Пасудзіце самі!