
Плаўна Свіслач-рэчка Ўдаль плыве, бяжыць; Над крутым абрывам Панскі дом стаіць. Зелянеюць вольхі Па краях ракі, Высяцца над імі Сумна Карзюкі. Відзен горад здаля, Горад Мінск стары, Пнуцца важна к небу Коміны, муры. Гулка далятае Дзікі свіст машын Ды прыпеўкі жабаў З рэчкі і лагчын. Між прысад гасцінцам, Між палёў сялян Едзе, пераходзе То мужык, то пан. Ўсю ж гэту мясціну Неба абняло, Залацістым сонцам Хараство ўпляло. Рэчка, луг, гасцінец, Горад, Карзюкі Разрываюць думкі На усе бакі. Сам сабой не знаеш, Што рабіць, як жыць: Ці ляцець у горад, Ці ў Карзюках сніць? Ці пайсці гасцінцам Долі ў свет шукаць? Ці рацэ, русалкам Галаву аддаць?..

