
Блудзіў па вуліцы я тэй, дзе сустрачаў яе, Яе — не ўцямлю — шчасце ці сваё няшчасце... Час быў такі, калі ўжо першы певень устае, А злодзей смела з ложа выпаўзае красці. На небе месяц бледны, як нябожчыкавы твар, З-над воблакаў сцікаўся, быццам бы ён шляху Свайго не мог знайсці паміж расплаканых там хмар, Ці, каб стуль не зваліцца, блукаўся так з страху. Паволі горад на сябе ўскладаў аковы сну, Святло ў акнах адно ўслед за адным канала; Дзе-недзе ржавы ключ пужаў скрыготам цішыну Ды спознена павозка дзіка ляскатала. У дроце, што паміж слупамі віўся густа ўдоўж, Як бы напяты былі там людскія жылы, Гудзеў, заводзіў вецер, бы па дроце рэзаў нож; Як вісельнік, выў, вырваўшыся з-пад магілы. Здалёку ад чыгункі данасіўся свіст-выццё, Ўпіваючыся ў сэрца вытачанай сталлю, Як бы з тым свістам адлятала шчасце і жыццё. Ці гінуў нехта наймілейшы там — за даллю. Аб сцены рэха стукалася ад хадзьбы маей,— Цагляны мур сачыў за мною безупыну; Цень ад ліхтарняў мой ўсё то даўжэй, то карацей Выцягваўся, дваіўся, то зусім дзесь гінуў. Лічыў за крокам крок я й пазіраў ўвакруг, як здань, На заміраючы да заўтра горад грэшны, І чуўся я, як здрадай схопленая ў клетку лань,— Такі бяссільны, пазабыты, безуцешны! За думкай думка джалам свідравала галаву: Што ёсць, няма,— судзіў суды і перасуды, І думаў ўсё: за што, нашто сябе на часці рву, Калі за гэта маю толькі камняў груды? Так сноўдаўся па вуліцы і сам згараў ў сабе... ...Іду і чую: тут з-за муру, ў сутарэнні, Рагоча музыка, як сумашэдшая ў кляцьбе, Пад музыку — бразджанне ног, грудзей хрыпенне... І жудка стала!.. Ёсць жа яшчэ людзі на зямлі, Што могуць дзіч сабой змяніць і весяліцца, Не бачачы сваіх бяспутнасцей, што іх змаглі І душаць адусюль, як змеяў навальніца! З нявольніцай нявольнік тут танцуе на забой, Пад здзекам рабскія свае сагнуўшы шыі, А там, на акрываўленых палях крывёй людской, Нявольнік для нявольніка грабніцу рые. Стыд спанаваў мяне, што я на вуліцы тэй быў І аддаваўся нейкай візьі ўсёй душою,— Тым горкім думам аб сабе і сэрцу тым, на здзіў Так заўладаўшым маім сэрцам-сіратою.

