
Кожны судзіць па ўласнай меры (128) - pavid.AI.ka
Нехта б'е галаву аб каменні ў падзенні… Іншы ж толькі саб'е калені. Хтосьці твар адвярне ад такога здарэння, каб не ўбачыць чужых падзенняў. Нехта ранішняй водкай заменіць сняданак. Іншы ж каву забеліць злосцю. Хтосьці будзе ляжаць у пасцелі ўвесь ранак пад уладай лянотнай млосці. Кожны судзіць па ўласнай меры: хто па следзе, а хто па веры… хто па следзе… хто па веры… Хтосьці стане ад лютага холаду сінім. Іншы ў сытасці стане тлустым. Нехта райскія ўбачыць навокал карціны — нават там, дзе на сценах пуста. Хтосьці здзівіць абліччам стылёвага фрыка, вочы ж будзе хаваць далоняй. Нехта голас сарве ад звярынага крыку — будзе дыхаць, нібыта тоне. Кожны судзіць па ўласнай меры: хто па следзе, а хто па веры… хто па следзе… хто па веры… Хтосьці верыць у знакі на кававай гушчы — стане ж вера яму атрутай. Хоць здаецца, што шанец удалы ўпушчаны, трэба рушыць сваім маршрутам. Нехта піша сабе самастойны прысуд на чужых спінах чорным маркерам. Я ж тым часам касцёр развяду, у палацы замкнёным касцёр развяду — ды й сыду незаўважана сталкерам.

