
Іграюць сурмы баявыя, Віхор разносе іхні звон,— І песні дзіўныя такія Ад іх лятуць да ўсіх старон. Аб славе цуднай граюць сурмы, Аб шчасці люду усяго; Завуць змагаць няволі штурмы, Завуць... ой, многа да чаго!.. Дый дарма звоняць сурмы гулка, Народ абманены прыціх,— Той спіць, той ходзе без прытулка, А жаль і роспач ува ўсіх. Мучыцель толькі рад, снуецца, Як шакал дзікі па трупах,— З ахвяр сваіх ваўком смяецца, З ахвяр, што мруць у ланцугах. І відзець страшна ў путах сілу Людскі ўвесь з жалю енк і плач, Аж хоць кладзіся у магілу І свету гэтага не бач. І ходзіш так, як пагарэлы, І хочаш людзям скаргі слаць, Азвацца крыкам на свет цэлы: Дзе праўды, волі дзе шукаць?! А сурмы граюць баявыя, Віхор разносе іхні звон,— І песні дзіўныя такія Ад іх лятуць да ўсіх старон.

