На кургане на адвечным, Пад асінай векавой, Сеў дудар, сагнуўшы плечы, З пасівелай галавой. На дудзе, на самагудзе (А дуда — як веча звон) Духам кліч пускае ў людзі — Песня ў песню, тон у тон. Як жывая, рвецца песня, Лесам-пушчаю шуміць, З забыцця змятае плесню, Мох з мінуўшчыны ляціць. След за следам ройным роем Цені даўнага кладуць... Князь за князем, бой за боем, Як сягоння, ў ход ідуць. Роднай бацькаўшчыны долю, Як у люстры, бачыш так. Долю-волю у бязволлі, Што сышла, ідзе няўзнак. Гоман-славу, чорнай хваляй Што збіралі курганы, Белы косці, што гублялі Беларускія сыны, Што сабе кавалі путы, Ў бітвах мручы за другіх... Як бы модлы і пакуты Ўсіх — і наскіх, і чужых. І сягонняшняй праявай Звоніць шчасце небарак, Што са славаю за славу І памерці няма як. І у будучыну гляне Думкай песня дудара, З непрывычным запытаннем: Ці прачнуцца не пара?! Так даўно у нас не йгралі, Дзіў адно плыве і чар, Штораз вышай, штораз далей,— Знаць, бывалы ён дудар. Старасвецкі ён музыка, Важна толк вядзе ў дудзе, Важна доляю вялікай І свабодаю гудзе. На курганавым каберцы Нечувалае чуваць, Што ўсё можа толькі сэрца Беларусава паняць.


