Як змеркне, як ноч дзень зваюе І зораў паявіцца знак, Па нівах, па сёлах шнуруе Туды і сюды ваўкалак. У поўнач на пні і на сталі Знімае, ўздзявае свой від; Не кеміць ні крыўды, ні жалю, Ні наспаў магільных, ні пліт. На веры людской і павазе, Хаваны між яраў і лоз, У кожны надворак залазе І водзіць труслівасць за нос. Паношыцца ў кожнай прыгодзе, Смяяцца не дасць над сабой; Малітвы на губы наводзе, Як лістам, трасе цемнатой. Ці з ласкай яго, ці няласкай — Рахунак вядзе забабон; Складаецца казка за казкай, Падданых з’ярміў ён мільён. Лет тысячы з’ела няпамяць, За богам узводзіцца бог, Сто ўспелі праўд новых спаганіць Ніхто ваўкалака не змог. Як толькі зямля заначуе І зорак абойдуць рады, Па нівах, па сёлах шнуруе, Шнуруе туды і сюды.