
Цмок ашчэрыў пашчу зубатую, Сам у лусцы пажоўклай убраньні - Так сьцеражэ свае скарбы заклятыя І цмачыны свой лад існаваньня. І каб пазьбегнуць цмачынае кары, Сарамліва патУпіўшы вочы, Цмоку ўсё цягнуць і цягнуць ахвяры, Бо стары да іх дужа ахвочы. Хоць крылы аслаблі, агонь не пячэ, І ляжыць ён азызлы, пузаты, Усё гырчыць, маўляў, дайце ахвяраў яшчэ, Падтрымайце ўладарскі мой статут. А кожны гаротны ахвярадаўца, На пачвару сам стаўшы падобны, Усё ж патаемна марыць пра збаўцу, Што прыйдзе пад сьцягам свабоды. І яны таго збаўцу пасадзяць на трон, Са старога цмока касьцей, Пачакаюць, як стане той дыхаць агнём І лускаю абрасьце... Што ж людзям усёткі рабіць належыць, Каб не было новых цмокаў са збаўцаў? - Не карміць і не есці цмачынае ежы, Ды людзьмі заставацца старацца.